МО́ЦНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц (разам з гравітацыйным, эл.-магн. і слабым). Абумоўлівае ўзаемадзеянні паміж адронамі (па аналогіі з Ван-дэр-Ваальса сіламі ўзаемадзеяння паміж эл. нейтральнымі аб’ектамі ў электрадынаміцы), у т.л. ў атамных ядрах і паміж ядрамі.
Асн. ўласцівасці М.ў. апісваюцца квантавай хромадынамікай, паводле якой бясколерныя адроны складаюцца з каляровых кваркаў, а сілы ўзаемадзеяння паміж імі абумоўлены абменам глюонамі. М.ў. інварыянтнае адносна прасторавага і часавага адбіццяў, зарадавага спалучэння. Пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці эл.-магн. ўзаемадзеянне прыкладна ў 100 разоў, яго радыус дзеяння каля 10−11 м, элементарныя працэсы, абумоўленыя М.у., працякаюць за час каля 10−23 с. У М.у. выконваюцца законы захавання ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш. квантавых лікаў, характэрных для адронаў. Гл. таксама «Вялікае аб’яднанне».
В.І.Куўшынаў.
т. 10, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)